Explore Sign in Sign up
Магілёў
Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Cустрэча пісьменьнікаў з магілёўцамі (фота)

Published on Dec. 28, 2006 at 7:27 p.m. by XC

27 сьнежня ў Магілёве адбылася сустрэча з беларускімі пісьменьнікамі Уладзімерам Арловым, Лявонам Баршчэўскім, Уладзімерам Коласам і бардам Зьміцерам Бартосікам.

На сустрэчу павінен быў даехаць і Андрэй Хадановіч — ягоная адсутнасьць зьлёгку ўсіх расстроіла. Арганізатарам імпрэзы выступіла Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Памяшканьне для калядна-навагодняга спатканьня прадаставіла заўсёды гасьціннае „Кола сяброў”.

У першай частцы сустрэчы выступалі Баршчэўскі, Арлоў і Колас. Арлоў зачытаў эсэ і вершы — ён прадэклямаваў і некалькі вершаў адсутнага Хадановіча. Колас шмат расказаў пра ліцэй: чым ён жыве, хто яму дапамагае, як туды паступіць. Колас таксама прэзэнтаваў кніжку пра ліцэй — датычыць яна ня сёньняшніх праблемаў, а пачаткаў, узьнікненьне самай элітнай беларускай сярэдняй навучальнай установы.

Бартосік, як нехта адзначыў, шансонавым голасам, прасьпяваў колькі сваіх песьняў. Дзяўчыне, якая побач яго сядзела, асабліва запала ў душу песьня пра цягнік Масква — Парыж ды імгненнае каханьне да незнаёмкі, якую аўтар убачыў у вакне вагону.

Дзьве з паловай гадзіны сустрэчы праляцелі хутка — магілёўцы і менскія госьці засталіся задаволеныя.

Ян Маўзэр, Радыё Рацыя

Category: Uncategorized

Прарыў на ўсход (фота)

Published on Dec. 1, 2006 at 3:25 p.m. by XC

Месяц скончыўся для рэдакцыі «НН» на колах – 30 лістапада чарговыя сустрэчы з чытачамі прайшлі ў Бялынічах ды Магілёве. Гэта была ня толькі імпрэза, прысьвечаная стагодзьдзю газэты - у Магілёве ўручылі штогадовую прэмію часопісу «ARCHE» – «За сумленнае слова». Яе сёлетні ляўрэат, гарадзенскі крытык Даніла Жукоўскі, дабіраўся да Магілёву праз усю Беларусь.

Сустрэча ў Бялынічах была камэрнай, праходзіла ў прыватным доме. Сьціслая гутарка (час падціскаў – трэба было сьпяшацца ў Магілёў), няяркае сьвятло, гарбата, печыва. Наведнікаў цікавіла, чаго вартая ідэя удзельнічаць у мясцовых выбарах, а таксама чаго чакаць ад новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Людзі запытваліся, чакаючы яснага адказу на гэтыя заблытаныя пытаньні. У іх вачах быў спадзеў на газэту, як на апошняга дарадцу, які дапаможа разабрацца ў заблытанай апазыцыйнай палітыцы.

Нягледзячы на ладнае спазьненьне праз паломку аўтамабіля, грамада ў Магілёве цярпліва дачакалася прыезду гасьцёў. Заля была паўнюткая – на сустрэчу прыйшло больш за 80 чалавек. Найбольш – маладыя твары.

Пасьля афіцыйнай часткі ды сьпяваньня нашаніўскага гімну «Не загаснуць зоркі ў небе» ў келіхі палілося шампанскае. Андрэя Дынька абкружылі хлопцы, пытаючыся пра палітыку ды будучыню газэты, Андрэй Хадановіч узяў на сябе націск дзяўчатаў, якія раіліся з паэтам пра слушнасьць выкарыстаньня трасянкі ў лірыцы.

Category: Uncategorized
|
Read More

Акцыя да юбілею “Нашай Нівы” ў Магілёве

Published on Nov. 24, 2006 at 5:45 p.m. by XC

Сябры Магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы ўсклалі кветкі да памятнага знаку Цішку Гартнаму. Акцыя была прымеркаваная да стагодзьдзя “Нашай Нівы”.

У другой палове дня 23-га лістапада студэнты магілёўскіх унівэрсытэтаў, сябры ТБМ, прыйшлі ў Пячэрскі лесапарк ускласьці кветкі да памятнага знаку Цішку Гартнаму. Імпрэза была прысьвечана стогадоваму юбілею найстарэйшай беларускай газэты “Наша Ніва”.

Пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Цішка Гартны (сапраўднае імя – Зьміцер Жылуновіч) пачынаў літаратурную дзейнасьць на старонках “Нашай Нівы” ў 1908 годзе. Пасьля арышту яго абвясьцілі псыхічна хворым і перавялі ў Магілёўскую вар’ятню, дзе ён памёр у 1937 годзе. Абставіны сьмерці дагэтуль застаюцца невядомымі. Паводле адной з вэрсіяў, пісьменьнік скончыў жыцьцё самагубствам, па іншых зьвестках – закатаваны ў сьценах лякарні.

Таксама застаецца невядомым месца пахаваньня Цішкі Гартнага. Каб ушанаваць яго памяць, 17 гадоў таму магілёўскія грамадзкія актывісты ўсталявалі памятны знак у Пячэрскім лесапарку непадалёк ад вар’ятні.

Category: Uncategorized

ЯЙКАквадратура: ПОМСТмадэрнізм пускае бурбалкі (фота)

Published on Oct. 13, 2006 at 4:57 p.m. by XC

Прагрэс спараджае новыя гэамэтрычныя формы. Але асноўныя філязофскія пытаньні застаюцца адкрытымі. Памятаеце, як старажытныя грэкі ў паўзах паміж высакароднымі вакханаліямі пэрыядычна глядзелі мутным вокам у далёкае сіняе неба ды задуменна так, патасна, міжволілі кідалі: “Дык што там першаснае – яйка ці кура?”. Магілеўскія ПОМСТмадэрністы Анка Упала ды Віталь Рыжкоў (ВОжЫк) вырашылі аднавіць трыдыцыю. Творчаму тандэму не дае спаць спакойна эпатажныМТС-аўскі сымбаль – чырвонае яйка ў квадраце, – нібыта сплягіячанае ў беларусаў – паэта А.Разанава ды мастака В. Маркаўца. Аднак пытаньне трохі трансфармавалася, і нашых магілеўскіх любамудраў цікавіць: што натуральнейшае – квадраяйка ці яйкаквадрат? Гэта й сталася канцэптам вечарыны, што ладзілася на былым “Коле сяброў” 5 кастрычніка.

Усё гэтае кшталту-культурніцкае мерапрыемства ладзілася пад эгідай “Таварыства беларускай мовы імя Францішака Скарыны” ды сталася першым сумесным праектам ВОжЫКа ды Анкі. Занятыя былі ўсе мейсцы, і нават не хапала. З чаго відаць: праблема яек сапраўды хвалюе народ.

ВОжЫК: “Мы зрабілі правільнае яйка!”

Падзея мусіла падзяляцца на дзьве часткі, адпаведна колькасьці паэтаў-выступоўцаў. Напачатку Віталь акрэсьліў тэмат ды ідэалягічную накіраванасьць імпрэзы, агучыўшы інфарматыўную частку вечарыны: “Пачалося ўсё 14 ці болей гадоў таму, калі Алесь Разанаў, вядомы беларускі паэт і мастак Віктар Маркавец прыдумалі канцэпцыю ЯЙКАКВАДРАТАЎ.

Category: Uncategorized
|
Read More

Выстава, прысьвечаная М.Багдановічу

Published on Sept. 30, 2006 at 12:07 p.m. by XC

У Магілёве адкрылася выстава, прысьвечаная клясыку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу. Наведнікам прадстаўленыя здымкі й нататкі зь мясьцінаў, у якіх бываў паэт.

Выстава, што мае назоў “Сьцежкамі Максіма Кніжніка”, сталася вынікам летніх вандровак магілёўцаў па гарадах і вёсках, якія ўвайшлі ў старонкі біяграфіі Максіма Багдановіча. Удзельнікі падарожжаў наведалі Вільню, Горадню, Менск, Ракуцёўшчыну й Ялту, дзе ён пахаваны.

Адзін са стэндаў экспазыцыі прысьвечаны вёсцы Вязьзе ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, там лета 1895 году ў сваёй цёткі правёў Максім Багдановіч. Цётчына хата, у якой жыў будучы беларускі паэт, яшчэ пяць гадоў таму стаяла на сваім месцы. Але ўлады менавіта тут вырашылі зрабіць спартовую пляцоўку. Хата была зьнесеная, а памятная дошка, што вісела на сьцяне, апынулася на цагляным будынку лясьніцтва, у якім ніколі ня жыў паэт.

Выстава, якая ладзіцца ў сьценах Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту, арганізаваная студэнтамі пры падтрымцы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Category: Uncategorized